Заслужаны ўрач БССР Вараб’ёў Віктар Андрэевіч

admin/ Февраль 9, 2017/ Лица/ 0 комментариев

Народжаны стаць урачом

Сёння мы жывём у камп’ютарным неспакойным XXI стагоддзі. Сучасная моладзь стала больш разборлівай у выбары будучай прафесіі. У наш час, на жаль, вельмі рэдка можна пачуць такую фразу: “Я з дяцінства мару стаць настаўнікам” або “Я хачу быць касманаўтам”…

Вартасць свайго выбару многія сёння ацэньваюць па там, на колькі твая прафесія з’яўляецца прыстыжнай. А прыстыж будучай прафесіі можна вызначыць праз тое, як ты зможаш уладкавацца на працу, атрымаўшы абраную спецыяльнасць, таксама гэта залежыць і ад матэрыяльнага боку: грашовых адносін у нашым грамадстве яшчэ ніхто не адмяняў.

Няма сумненняў: урач – адна з самых адказных і складаных прафесій, але яна няспынна вабіць моладзь, якая сёння стаіць перад выбарам свайго далейшага лёсу. Штогадовыя назіранні паказваюць, што медыцынскія ўніверсітэты ніколі не мелі недахопу ў абітурыентах.

І вось тут хочацца спытаць: чаму гэтая нялёгкая праца так прыцягвае? У чым тут сакрэт? А сакрэт, мусіць, тоіцца ў магчымасці быць карысным людзям у цяжкія моманты іх жыцця, калі менавіта ўрач прыходзіць на дапамогу. Па сваім прафесійным статусе іменна ўрач заўсёды бліжэй да чалавека, чым хто-небудзь іншы. Толькі ўрачу наканавана лёсам быць побач з намі з моманту нараджэння і да канца жыцця.

Прафесія ўрача асаблівая. Каб стаць прафесіяналам, трэба валодаць пэўнымі якасцямі і нястомна працаваць. Вось тут вельмі важна тое, чым чалавек кіраваўся пры выбары прафесіі. Як правіла, добрыя дактары атрымліваюцца з тых, хто ідзе ў медыцыну не выпадкова, а па закліку сэрца. Не стане добрым хірургам той, хто не зможа ці , дакладней кажучы, не гатовы выстаяць у аперацыйнай дванаццаць, а то і больш гадзін. Гэтая неабходная і высакародная прафесія патрабуе не толькі вынослівасці і спагады, але і шмат часу і цярпення.

У родзе Вараб’ёвых пяць урачоў. На чале гэтай знакамітай на Гродзеншчыне сям’і стаіць імя легендарнага ўрача-хірурга , кавалера ордэна Леніна, ордэна Чырвонай зоркі, ордэна Айчыннай вайны, Выдатніка аховы здароўя, Заслужанага ўрача БССР, Ганаровага грамадяніна горада Ліды Віктара  Андрэевіча   Вараб’ёва .

Нарадзіўся Віктар Андрэевіч Вараб’ёў  11 сакавіка 1912 года ў вёсцы Забалаць Любанскага раёна, Мінскай вобласці ў сям’і селяніна-бедняка. З ранняга  дзяцінства хлопец стараўся дапамагчы бацькам па гаспадарцы, хадзіў і з касой, і з плугам. У 1928 годзе скончыў Любанскую сямігадовую школу, а з 1929 года стаў членам калгаса “Новы шлях”. Хлопцу трэба было вучыцца . Пра гэта марылі і яго бацькі, і ён сам. Але грошай, каб дапамагчы сыну, у бацькоў не было. Таму ў 1930 годзе юнак паступае ў Кіеўскі тэхнікум водных шляхоў зносін. Вучыўся добра, стараўся атрымаць прафесію. Студэнтам ён быў здольным, і таму ў час канікул працаваў на штатных пасадах: быў і мараком, і рулявым воднага транспарту Дняпроўскага  параходства. Але жаданне быць урачом перамагло. Пасля заканчэння тэхнікума 1 верасня 1932 года Віктар Андрэевіч быў залічаны на першы курс  Мінскага медыцынскага інстытута, а 1 ліпеня 1937 года скончыў медыцынскі інстытут і быў накіраваны ў Львоўскую раённую бальніцу ўрачом-хірургам. Але надышоў час прызыву ў Чырвоную Армію, і  23 лістапада 1937 года  малады хлопец ідзе служыць урачом тэрміновай службы. На гэты час у Віктара Андрэевіча была ўжо сям’я, і ў 1938 годзе  ў сям’і маладых урачоў нараджаецца сын Усевалад. Сям’я жыла да вайны ў Мінску.

У 1939  годзе Віктар Андрэевіч  удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі ад  панскай  Польшчы   і  напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ён з сям’ёй жыве ў Беластоку.

  

 Дяцінства са смакам пораху

Успамінае старэйшы сын Віктара Андрэевіча Вараб’ёў Усевалад :

– Бацька ў 1939 годзе працаваў начальнікам медсанбата ў Беластоку (якраз пасля вызвалення Заходняй Беларусі ад панскай Польшчы). Мы з маці прыехалі таксама ў Беласток, і яна ўладкавалася на працу ў той жа медсанбат. Але гэта было зусім нядоўга, бо пачалася вайна. Нам трэба было неяк трапіць у Савецкі Саюз. І вось мы даведаліся, што на Усход ідуць два таварныя  эшалоны, у якіх былі бежанцы. Нам пашчасціла трапіць ў другі эшалон. Бацькі з намі не было: ён быў на фронце, а я і мая маці накіраваліся ў Мінск. Наш эшалон  пад Ваўкавыскам разбамбілі, і мы пехатой дайшлі да Мінска. А ў Мінску нас ужо дагналі немцы.

Калі мы прыйшлі дамоў, то ўбачылі, што наш дом на палову быў спалены. Немцы пачалі збіраць усіх спецыялістаў, хацелі прымусіць працаваць на сябе. Але прыкладна чалавек  дзесяць урачоў-спецыялістаў (сярод іх былі сёстры Машніцкія – аўтальмолаг і гінеколаг, зубны ўрач Васіленка, тарапеўт Давідзенка, мая маці і іншыя) ноччу сабраліся і ўцяклі з Мінска сюды, у Заходнюю  Беларусь,  і  трапілі  ў  Ліду.

Помню яшчэ выпадак, калі якраз перад вызваланнем Ліды савецкімі войкамі, прыкладна  сёмага ліпеня, прыйшоў указ з камендатуры горада аб расстрэле ўрачоў, настаўнікаў і іншых спецыялістаў. Але нас папярэдзілі, і мы ўцяклі ў лес, а затым трапілі ў вёску Малыя Рэксці, што знаходзяцца за вёскай Крупава (кіламетраў дзесяць ад Ліды). Савецкія войскі мы сустрэлі ў Малых Рэксцях. Я і мая маці потым вярнуліся ў Ліду, дзе і знайшоў нас бацька .

Калі закончылася вайна, мне было ўжо шэсць гадоў, і той дзень, калі мой бацька вярнуўся з фронта і нейкім чынам знайшоў нас ў Лідзе, я памятаю вельмі добра. Пачалося мірнае жыццё. У 1945 годзе нарадзіўся мой брат Міхаіл, а ў 1947 – мая сястра Таццяна .

У 1941 годзе з Беластока Віктар Андрэевіч быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі і трапляе  на І Беларускі фронт. Праз год  працягвае ваяваць на Паўночна-Заходнім фронце . У час бамбёжкі шпіталю зімой 1942 года быў паранены ў нагу. Раненне было цяжкім, прыйшлося ампуціраваць ступню нагі. Аперацыя гэта была не адзіная. Віктар Андрэевіч перанёс яшчэ тры аперацыі. Цяжкае раненне толькі на кароткі час спыняла працу легендарнага хірурга, і яшчэ не адной сотні байцоў ён выратаваў жыццё. За гэта хірург Вараб’ёў (так яго звалі на фронце) быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі” (а для ўрача гэта важкая ўзнагарода), ордэнам Чырвонай Зоркі і ордэнам Айчыннай вайны. Пад канец вайны Вікртар Андрэевіч стаў працаваць у тылавым шпіталі.

Калі вызвалілі Беларусь ад фашысцкіх захопнікаў, пачаў шукаць сям’ю. Дакладна ніхто не ведае як, але знаходзіць ён  яе ў Лідзе, і прыблізна ў жніўні 1944 года Вараб’ёў прыязджае ў Ліду. З гэтага часу ён працуе ўрачом-хірургам Лідскай  раённай  бальніцы. Побоч з мужам працягвала працаваць і Вараб’ёва Т.А. Спачатку дзіцячым ўрачом і загадчыкам дзіцячага аддзялення бальніцы, а пасля ўзначаліла лабараторыю .

 

Прафесія ўрача – гэта подзвіг

Рускі пісьменнік Антон Паўлавіч Чэхаў сцвярджаў: “ Прафесія ўрача – гэта подзвіг, яна патрабуе самаахвярнасці, чысціні душы і думак”. І той, хто хоць раз у жыцці трапіў на бальнічны ложак і змог назіраць за работай урачоў розных спецыяльнасцей, не можа не пагадзіцца з гэтым выказваннем вядомага  аўтара  глыбока  псіхалагічных  твораў .

А мы працягнем аповед  пра  ўрача-хірурга ад Бога – Вараб’ёва  Віктара Андрэевіча.

Як успамінаюць родныя,  працаваў  Віктар Андрэевіч вельмі шмат, можна сказаць: працаваў пастаянна. Ішоў на працу каля васьмі гадзін раніцы і вяртаўся, калі было  на  гадзінніку  дваццаць  дзве гадзіны вечара. Дом, дзе жыла сям’я хірурга, знаходзіўся на тэрыторыі бальніцы. Гэта была вуліца Бальнічная, на ёй было каля сямнаццаці  дамоў. Прыбяжыць, бывала, паабедае – і зноў туды, на работу. Абход  хворых  быў абавязкова і раніцай, і ўвечары. Цяпер  два  абходы  ніхто  не  робіць, а тады  гэта  была  традыцыя. Многія вучні Віктара Андрэевіча: урачы-хірургі Кучарэнка, Войніч, Балашэнка, Мамчыц, Клопаў – перанялі ў свайго настаўніка гэтую добрую традыцыю. Маладыя хірургі любілі і паважалі свайго настаўніка. На першых самастойных аперацыях памяталі ўсё, пра што гаварыў ім Віктар Андрэевіч.

Але не будзем забываць, што гутарку завялі мы пра подзвіг урача. На Мемарыяльнай дошцы, што знаходзіцца на сцяне хірургічнага аддзялення Лідскай раённай бальніцы, ёсць такі надпіс: “Тут працаваў  з 1944 па 1989 гг. Залужаны ўрач БССР Вараб’ёў Віктар Андрэевіч”.

І сапраўды, месца сапраўднаму подзвігу ёсць і ў мірны час. Сын Віктара Андрэевіча Усевалад Віктаравіч расказваў, што ў горадзе Воранава  малады чалавек атрымаў пранікаючае раненне  нажніцамі  ў сэрца (гэта было ў 1958 годзе), і  легендарны хірург Вараб’ёў зрабіў унікальную  на той час аперацыю на сэрцы, тым самым выратаваў ад смерці юнака. За гэта і было прысвоена ганаровае званне Заслужаны ўрач БССР. І гэта не адзіная ўзнагарода, якую атрымаў Віктар Андрэевіч у мірны час. Не будзем забываць, што ёсць ў яго медаль “За працоўныя заслугі”, узнагароджаны Віктар Андрэевіч медалём  “Выдатніку аховы здароўя”, а яшчэ з’яўляўся  кавалерам  ордэна  Леніна. Пра ўсе ўзнагарода ўрача-хірурга Вараб’ёва  з гонарам расказваюць яго родныя і блізкія людзі. А яшчэ можна знайсці кароценькі запіс на старонках такога дакумента, як “Уласная справа на звольненых работнікаў за 1985-2000 гады, том 3”.

Многія былыя пацыенты  памятаюць  працоўны  подзвіг урача-хірурга Вараб’ёва  Віктара  Андрэевіча. Сярод іх былая настаўніца сярэдняй школы №16  горада  Ліды  Быль  Людміла  Мікалаеўна.  Даючы інтэрв’ю газеце “Уперад”,  яна  ўспамінае:

– Я была яшчэ зусім малая, калі выпадкова ўпала на разбіты слоік. Увыніку моцна параніла нагу.  А было лета – час адпускоў. Першую медыцынскую дапамогу мне аказалі ў амбулаторыі, але нага не зажывала, рана пачала гнаіцца,  паднялася  тэмпература – у рану  трапіла  інфекцыя. Хтосьці  са знаёмых параіў звярнуцца  па дапамогу да хірурга Лідскай раённай бальніцы Вараб’ёва. Так і зрабілі,  але ўрач быў у чарговым адпачынку (адпачываў ён вельмі рэдка). Ніхто не адважваўся  турбаваць чалавека ў такі час: не таму, што баяліся, а таму, што шкадавалі адрываць яшчэ ад адной любімай  справы (любіў Віктар Андрэевіч парыбачыць). І вось бацькі ўсё ж такі рашылі патэлефанаваць хірургу.  Віктар Андрэевіч, на шчасце, быў яшчэ дома, ён спакойным голасам сказаў: “Чакайце мяне ў прыёмным пакоі, я зараз буду”. Чакаць доўга не прыйшлося. Нага была выратавана .

Людміла Мікалаеўна ўспамінала гэты выпадак, а ў вачах у жанчыны мажна было прачытаць тое, на колькі яна ўдзячна была гэтаму чалавеку.

Віктар Андрэевіч ганарыўся сваімі дзецьмі: сыны Усевалад і Міхаіл таксама абралі прафесію ўрача. Жонка Міхаіла Віктаравіча Валянціна Сяргееўна  і зараэ працуе ўрачом тарапеўтам ў пасёлку Маладзёжным, што ў Лідскім раёне, перадае свій вопыт маладым спецыялістам.

Яна і расказала пра тое, што пачынала сваю працоўную дзейнасць разам з мужам Міхаілам у Ваверскай сельскай бальніцы. А свёкра свайго яна любіла, паважала, але і пабойвалася: вельмі патрабавальным быў, не глядзеў: сын ты ці нявестка, спуску не даваў. Працы ў бальніцы было шмат. Віктар Андрэевіч часта наведваўся ў вёску, дапамагаў і словам і справай .

Акрамя работы, былі ў гэтай сям’і яшчэ і любімыя заняткі: паляванне і рыбалка . Трафеямі ў сям’і  Вараб’ёвых займаліся мужчыны.

Нельга не сказаць яшэ і тое, выхаванне дзяцей ў сям’і займала адно з галоўных месц. З якой пяшчотай і любоўю адносіўся дзядуля Віця да свах унукаў, можна толькі пазайздросціць. Апошняя аперацыя, якую зрабіў Віктар Андрэевіч, была зроблена ўнуку Віктару: быў выразаны  апендыцыт.

Апошні пацыент хірурга Вараб’ёва В.А. – унук Віктар.

Працаваў Вараб’ёў Віктар Андрэевіч да 1987 года. Памёр 8 жніўня 1991 года.  Пахаваны  ў  горадзе  Лідзе  на  гарадскіх  могілках.

Прафесія ўрача – адна з самых гуманных, высакародных і, разам з тым, найбольш адказных, якая патрабуе поўнай аддачы фізічных і духоўных сіл. Сведчаннем таго з’яўляецца праца  Заслужанага ўрача БССР Віктара Андрэевіча Вараб’ёва, яго сям’і і многіх медыкаў нашага раёна, якім людзі ад душы кажуць: “Дзякуй за выратаваныя жыцці і праяўленыя пад час лячэння  дабрыню і міласэрнасць!”

 

Аўтар: Жвацель Таццяна Віктараўна настаўніца сярэдняй школы №16 г.Ліды

Добавить комментарий